Пестрак Пилип - Лясная Песня (На Белорусском Языке)
Пiлiп Пестрак
Лясная песня
Партызан Сцяпан Хомчык, iдучы з вёскi ў лагер, сеў ля дарогi
пераабуцца. Дарога вiлася праз густы выносны лес. Сосны перамешвалiся з
дубамi i бярозамi, а ўнiзе - арэшнiк, шыпшына i, урэшце, ягаднiк ростам па
каленi. Пераабуўшыся, Хомчык прылёг, закурыў, i яму прыемна было адчуваць
велiч, дрымучасць лесу.
Быў познi ранак, але ў лесе яшчэ стаяла свежасць - туманы сплылi
нядаўна.
Недалёка, па той бок дарогi, нехта заспяваў. Пачуўся жаночы пералiўны
голас. Хомчыку здалося, што ён ужо слухаў падобныя напевы недзе ў далёкiм
мiнулым. Цяпер гэты напеў стаў выклiкаць у яго памяцi знаёмыя вобразы з
жыцця ў роднай вёсцы.
"Як гэта ўсё здаецца даўнiм..." - падумаў ён, ловячы мелодыю.
А песня наблiжалася. I, урэшце, з гушчынi лесу на ягадную паляну пры
дарозе выйшла маладзiца з пляцёнкай за плячыма i прывязаным да хвартуха
збанком. Яна павесiла пляцёнку, засланую лiстамi папарацi, на галiну
невялiкай бярозкi i сама нагнулася да ягад.
Хомчык ляжаў, не варушыўся. Маладзiца, збiраючы ягады, спявала
ўпаўголаса.
Хомчык прыглядаўся да яе i слухаў. Слухаў не толькi мелодыю, але i
словы. Нейкая дзiўная песня - i ласкавая i разам страшная.
Не шумi ты, лес, цё-ёмнай но-очкаю...
Не завi мяне-е-е, муж, сваёй жонкаю-ю-ю...
"Фу, гэта дык песня", - падумаў Хомчык.
Я й прыгожая, я й удалая,
Як бярозанька, маладжавая...
Хомчык змерыў вокам маладзiцу з галавы да ног i ўсмiхнуўся: "Так, яна,
як бярозанька".
А ты б'еш мяне, колькi хочацца,
I з вачэй маiх слёзы коцяцца...
"Гэта ўжо нi к чаму, - думаў Хомчык... - Якi дурань можа бiць такую?"
- Як бы нешта вострае кальнула ў сэрца Хомчыку. Ён хацеў падняцца, але яна
спявала далей:
Ой, пайду я ў лес, там загiнуся,
Ад цябе навек я адкiнуся.
- I правiльна... - амаль не ўголас сказаў Хомчык. Маладзiца
выпрасталася i спявала ўжо на ўвесь голас - вось зусiм блiзка ля Хомчыка:
Не шукай мяне ты з расiцаю,
Не гукай мяне над крынiцаю...
- Аб кiм жа так спяваеш? - раптам спытаўся Хомчык.
Маладзiца крутнулася ўбок, крыкнуўшы "ой", i збялела:
- Хто вы? Ой, як жа я спалохалася... Сэрца калоцiцца... Хто вы,
пытаюся?
У Хомчыка ад усмешкi прыгнуўся яго крыху дзюбаты нос, шэрыя вялiкiя
вочы жыва забегалi.
- Не бойся, не бойся, - нiбы разважаючы, сказаў Хомчык. - Я свой,
свой. Сама ведаеш, што тут нi палiцыi, нi немцаў няма, а толькi партызаны.
Маладзiца паглядзела на тую чорную мецiнку на выцвiлай шапцы Хомчыка,
дзе была некалi пяцiкутка-зорачка.
- А хто ж вас адразу разбярэ? Але ж i спалохалася... Проста, як у
зямлю ўрасла...
Яна паправiла хустку, абцягнула кофтачку. З-пад хусткi вiдаць былi
цёмныя валасы. Даўгаваты твар з выпуклым iлбом, а пад тонкiмi доўгiмi
брывамi вялiкiя вочы невыразнага колеру. Яны, здаецца, мянялi свой колер -
то цямнелi, то рабiлiся шэрымi. Моцны румянец на шчоках, змешаны з загарам,
нагадваў лясную прыроду, поўную паху траў i дрэў. Сакавiтыя вусны пры
ўсмешпы пад крыху задзёртым носам паказвалi радок белых зубоў.
Гэта была сiла i краса ад зямлi i лесу.
- Прысядзь, - сказаў Хомчык.
- Няма часу. Трэба спяшацца дадому. Позна ўжо, хату адну пакiнула.
- А што, хiба ў цябе нiкога няма?
- Няма. Жыву адна, як ведзьма, у лесе.
- Як у лесе? А не ў вёсцы?
- Мая хата ў самым лесе, крыху ў баку ад вёскi.
- Ты замужняя?
- Была. А цяпер - не.
- А дзе муж?
- Памёр... - сказала i нахмурылася, - туды яму i дарога.
- Што так?
- Дрэнны быў... Не любiла я яго. Шалёны быў, брыдкi. Бiў мяне часта...
Маладосць папсавала праз яго.
- Ага, вос